Гарачая, а не цёплая філалогія

від redactor, 18 вересня, 2017
Переглянути на сайті

(Некалькі зацемак з навуковай канферэнцыі)

Мела шчасце прыняць удзел у працы навуковай канферэнцыі “Лінгвастылістыка ХХІ стагоддзя: стан да перспектывы развіцця”, якую ладзіў Усходнееўрапейскі нацыянальны універсітэт імя Лэсі Украінкі на сваёй універсітэцкай базе “Гарт”, што месціцца на возеры Свіцязь на Валыні. (Да слова, СНУ – менавіта той ўніверсітэт, у якім па ініцыятыве дэкана факультэту філалогіі і журналістыкі Юрыя Громыка з гэтага года ў якасці другой мовы будзе вывучацца беларуская.) У канферэнцыі прымалі ўдзел украінскія філолагі з Луцку, Львова, Адэсы, Харкава, а таксама госці з Беларусі – маладыя навукоўцы, актывісты украінскага навукова-педагагічнага саюзу “Берагіня” з Брэсту. Сузіранне працы украінскіх філолагаў у такім вялікім гурце было напрачуд цікавым. Дазвольце падзяліцца ўражаннямі.


Адкрывае канферэнцыю дэкан факультэту філалогіі і журналістыкі СНУ імя Лэсі Украінкі Юрый Громык

Галоўнае, што ўразіла  украінскія філолагі адчуваюць сябе дзяржаўнікамі і дзяржаватворцамі. Ні на каго не аглядаюцца. Навуковая дакладнасць і бязмерная захопленасць роднай мовай  вось тое, што імі кіруе. На канферэнцыі, натуральна, абмярковаўваліся розныя прафесійныя філалагічныя праблемы, але чырвонай ніткай праходзіла галоўная тэма – захаванне і развіццё ўкраінскай мовы.


Выступы Ірыны Фарыён заўсёды пасіянарныя і бескампрамісныя

Адной з зорак канферэнцыі была доктар філалагічных навук, прафесар Нацыянальнага ўніверсітэту “Львоўская палітэхніка”, вядомы палітык, адна з лідэраў партыі “Свабода” Ірына Фарыён. Яна была дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, Львоўскай абласной рады. У яе рэпутацыя радыкальнага палітыка, вострага на язык і хуткага на справы. У Расіі супраць Ірыны Фарыён распачатыя крымінальныя справы (падалося, яна калі не ганарыцца гэтым, то й не асоба перажывае). А яшчэ яна – аўтарка папулярнай праграмы “Веліч асабістасці”, у якой расказвае пра значных дзеячоў украінскай гісторыі. Яе навуковы даробак (4 манаграфіі, 200 навуковых артыкулаў) і сапраўды бязмежная эрудыцыя уражваюць. На канферэнцыі пані Ірына прачытала бліскучы даклад пра аўтарскі стыль Івана Пулюя (1845–1918) – вядомага ўкраінскага фізіка-электратэхніка, таленавітага вынаходніка, грамадскага дзеяча-незалежніка, які горача цікавіўся і моўнымі пытаннямі, пераклаў Біблію на украінскую мову. Дакладчыца асабліва падкрэслівала перакананасць Пулія ў беспярэчнасці нацыянатворчай функцыі мовы. Як фізік, Пулюй служыў нязменным прыродным законам. Але як грамадскі дзяяч, нацыяналіст, ён змог пашырыць фізічны закон “непропащої сили” на свет духу, культуры, чалавечых зносін, сфармуляваўшы яго так: “Закон непрапашчай сілы ў свеце людскіх узаемін, культуры – гэта праўда. Праўда не знікае. Дзе праўда – там мусіць быць перамога.” (Больш падрабязна пра яго можна даведацца вось з гэтай аўтарскай праграмы пані Ірыны).


Сучасны ўзор украінскай вышыўкі Ірыне Фарыён спадабаўся

У сваю чаргу, Ірына Фарыён “праўду мовы” абараняе з жарсцю, не шкадуе тых, хто спрабуе яго затлуміць. Дастаецца і некаторым дзеячам культуры, і дэпутатам ВР Украіны, якія спрабуюць ператварыць моўны закон 5669 у новы “закон Ківалава-Калеснічэнка”, і прэзідэнту Парашэнка… Ну так, калі таму, што ты любіш больш за сваё жыццё  дзіцяці, гнязду, мове  пагражае смяротная небяспека, то ластаўка ператвараецца ў раз’юшаную тыгрыцу.

Вечарам каля кастра  украінскія народныя песні ў чароўным выкананні луцкіх філолагаў. Святло вогнішча ставіць на абліччах свае акцэнты. Пані Фарыён раз за разам выцірае з вялізных вачэй слёзы моцнымі худзенькімі пальцамі…

“Мовазнаўства  гэта гармонія,”  казала, адкрываючы канферэнцыю, яе арганізатарка загадчыца кафедры гісторыі ды культуры мовы факультэту філалогіі і журналістыкі СНУ Святлана Богдан. Гэта, канешне, так, і ў гэтым сэнсе Валынская зямля была такой самай паўнапраўнай удзельніцай навуковай канферэнцыі, як і грона кандыдатаў і дактароў навук.

Восень і дождж былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі канферэнцыі

Пад час экскурсіі “Скарбы Шацкага краю” удзельнікі малі мажлівасць праехацца навакольнымі вёскамі, паслухаць мясцовымі гаворкі і цішыню восені, даведацца, як зберагаюць тут народную культуру.

Вёска Адамчукі была прымусава адселеная з Бугу у канцы саракавых гадоў пад час усталявання савецкай граніцы. Пані Галіна Галоўчанка захавала родную хату такой, якой яна была ў той час. Цяпер яна тут жыве, а яшчэ тут хатні музей вышыўкі, а яшчэ яна вучыць вясковых дзяцей ствараць з саломы цуды…

Галіна Галоўчанка жыве сваім захапленнем

А яго мы не патурбавалі…

Прафесар Святлана Богдан таксама пяшчотна захавала сядзібу сваіх бацькоў, вясковых настаўнікаў, такою, якою яна была ў часы яе дзяцінства. Інтэр’ер, яблыні ў садзе, клуня, нават пах Домы… Увогуле, зараз тут назірала тое, што раней бачыла ў Польшчы: калі на участку будуецца новы сучасны катэдж, то гаспадары не руйнуюць старую беленую хатку, а пакідаюць яе побач.


 Удзельнікі канферэнцыі каля бацькоўскай хаты прафесара Святланы Богдан у Смалярах Свіцязьскіх

З царквы ў Смалярах Свіцязьскіх выходзіць пажылая жанчына, і так яна нагадвае маю бабулю – абліччам, паставаю, вопраткай, – што, агаломшаная, я мімаволі прыпыняюся, каб паглядзець на яе даўжэй.

– А Віте чого не йдете разом з усіма до церкви? – пытаецца яна

– Та на вас милуюся-любуюся. Вельми Віте красива, – адказваю.

Мы размаўляем, і яе мова, манера трымацца – пашанлівая да суразмоўцы, але поўная годнасці – яшчэ больш узмацняе падабенства. А калі на развітанне яна кажа мне: “Їдь з Богом, дитинонько!” – таксама, як казала калісьці бабуля, то настае час расплакацца і мне…

Сярод удзельнікаў канферэнцыі – луцкая журналістка, таленавітая паэтэса Юля Фінкоўская. Яна самастойна вывучае беларуску мову, называе яе “мовай птушак” і піша па-беларуску светлыя вершы. Ясна, што ўдзельнікі з Беларусі размаўляюць з ёю па-беларуску, каб даць магчымасць моўнай практыкі. Пасля канферэнцыі яна напісала ў ФБ: “Якщо вперше в житті два дні поспіль розмовляти переважно білоруською, то на третій помічаєш, як внутрішні діалоги звучать в голові обома мовами одразу! І що дивно, то не втомлює навіть :)

А сёння на працы ўвесь час казала «вось» замест «ось». Ведаеце, гэтая беларуская – то лёгкі наркотык: чым больш яе вакол, тым больш хочацца! Дзякуй за гэтую магчымасць, новыя словы і новыя адценні значэнняў (абяцаю больш не блытаць вожыкаў і вужыкаў) ”

У сваіх дакладах удзельнікі з Брэсту засяродзіліся на тапаніміцы родных для іх мясцін. Старшыня УНПС “Берагіня” расказаў пра выкарыстанне старажытнай назвы “Бересть” як паказчыка гістарычнай памяці, а Антон Дацкевіч і Аляксей Шумер – пра мікратапаніміку, адпаведна, сяла Пугачова, якое цяпер увайшло ў склад Брэста, і сёл Агароднікі і Ставы Камянецкага раёну.


Выступае з дакладам Аляксей Шумер, вясковы настаўнік з Камянецкага раёну Брэсцкай вобласці

Бераг Свіцязі. Абсалютна нерухомая вада будзіць трывожнае пачуццё. Чароўнае возера мялее. Гавораць, гэта адбываецца з-за распрацоўкі Хаціслаўскага мелавога кар’еру, які знаходзіцца з беларускага боку мяжы і належыць Юрыю Чыжу.


 Свіцязь мялее з-за распрацоўкі Хоціслаўскага мелавога кар’еру, які знаходзіцца з беларускага боку мяжы

Гэта былі насычаныя дні. Пленарныя паседжанні, цікавыя даклады, нефармальныя размовы з цікавеннымі людзьмі, круглы стол на тэму “Актывізацыя міжстылёвага ўзаемадзеяння сучаснай моўнай прасторы: праблема нормы”, дыскусіі, прэзентацыі кніг (у тым ліку прэзентацыя беларуска-ўкраінскага альманаху “Справа”). Гэта была гарачая філалагія. У тым самым, біблейскім сэнсе. “Будзьце гарачымі або халоднымі, а не цёплымі”.

За два дні на Валыні не бачыла ніводнага п’янага, нікога, хто б курыў. І не чула ніводнага рускага слова. Уезд на памежны пераход “Тамашоўка” перакрыты вялізнымі жалезнымі шчытамі. Калі машына пад’язджае, яны хаваюцца ў зямлю, праехала – паднімаюцца зноў. І адсякаюць мову. “Здравствуйте. Таможенный контроль”. У Брэсце украінскую яшчэ чуеш на вуліцах, беларуская – толькі ў аб’явах у грамадскім транспарце.

Дома у Мінску застаю сына (7 клас) за прыгатаваннем урокаў. Вучыць рускую літаратуру, задалі напамяць вывучыць рускую народную лірычную песню. Не вучыцца – няма рыфмы.

– Мама, – кажа Тарас, – настаўніца сказала, што “для наших народных песен характерно отсутствие рифмы». А я падумаў, што мая любімая народная песня – «Там на горі два дубки”, і там цудоўная рыфма.

Са школьнай праграмы выкінулі дыферэнцыялы і інтэгралы, скарацілі вывучэнне хіміі і фізікі на год, але “наши песни”, канешне, мусова вучыць напамяць.

Але нічога. І беларускую мову Тарас ведае выдатна, і хімічныя вопыты ўмее праводзіць, і пра дыферэнцыялы, прыйдзе час, яму тата патлумачыць.

А мы з ім запісаліся на курсы украінскай мовы. Што прыемна, бясплатныя. Што важна, па добрых падручніках і з маладым энергічным выкладчыкам. 

Наталка БАБІНА, Валынь-Мінск

Фотаздымкі Святланы БОГДАН і Юліі ФІНКОЎСКАЙ

Публікацію подано мовою оригіналу

При використанні цієї інформації обов`язкове посилання на першоджерело

Image
Type